КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,

разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.​Шонберг), лірыка-драм. (А.​Апегер, К.​Караеў), апаэтызаваная (Б.​Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, В.​Войціка, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, В.​Капыцько, В.​Кузняцова, К.​Цесакова і інш.

Літ.:

Арановский М.Г. Камерный вариант симфонии // Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)